Знакомимся с молодыми специалистами Малоритской ЦРБ, которые приступили к работе 1 августа
У Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы – кадравае папаўненне. У штат установы аховы здароўя з 1 жніўня ўлілося сем урачоў і трынаццаць работнікаў сярэдняга медыцынскага звяна. Калектыў Маларыцкай ЦРБ прадэманстраваў згуртаванасць і гасціннасць, стварыўшы з першых дзён для маладых калег камфортную атмасферу. За імі замацаваны вопытныя настаўнікі, якія гатовы дзяліцца ведамі і вопытам, дапамагаць упэўнена ўступіць у строй.
Па словах галоўнага ўрача Анжэлы Марчанкі, радуе тое, што шэсць маладых утрачу вучыліся па мэтаваму накіраванню. Яны павінны адпрацаваць пяць гадоў, адзін урач, які вучыўся на агульных умовах, – два гады. Цяпер укамплектаванасць урачамі ў Маларыцкай ЦРБ складае 94 працэнта. Па-ранейшаму не хапае ўрачоў-стаматолагаў, педыятраў, дэрматавенеролага, эндаскапіста.
Юлія Бурштын, урач агульнай практыкі аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі
Андрэй Харковіч, урач агульнай практыкі аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі
Пасля заканчэння Гомельского дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта на працу ў Маларыцкую ЦРБ накіраваны ўрачы агульнай практыкі аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі Юлія Бурштын і Андрэй Харковіч.
У Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце вучыліся ўрач-псіхіятр-нарколаг псіхіатрычнага кабінета паліклінікі Яўген Коцел, урач агульнай практыкі (загадчык) Велікарыцкай амбулаторыі агульнай практыкі Анастасія Мелехавец, а таксама сямейная пара: урач акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі паліклінікі Вераніка Трафімук і ўрач-хірург хірургічнага кабінета паліклінікі Павел Трафімук.
Урач агульнай практыкі (загадчык) Олтушскай амбулаторыі агульнай практыкі Ангеліна Марук скончыла Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Шэсць маладых спецыялістаў інтэрнатуру праходзілі ў медыцынскіх установах Брэста, адзін – Гомеля. Акрамя таго, чатыры ўрачы нарадзіліся і выраслі на Маларытчыне.
Яўген Коцел, урач-псіхіятр-нарколаг псіхіатрычнага кабінета паліклінікі
Анастасія Мелехавец, урач агульнай практыкі (загадчык) Велікарыцкай амбулаторыі агульнай практыкі
Сямейная пара: урач акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі паліклінікі Вераніка Трафімук і ўрач-хірург хірургічнага кабінета паліклінікі Павел Трафімук
Ангеліна Марук, урач агульнай практыкі (загадчык) Олтушскай амбулаторыі агульнай практыкі
Дванаццаць «навабранцаў» сярэдняга звяна Маларыцкай ЦРБ адукацыю набылі ў Брэсцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы, адзін – у Пінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. У пяці чалавек, якія навучалася па мэтавым накіраванні, абавязковы тэрмін адпрацоўкі тры гады, у астатніх – два.
У пяці маладых спецыялістаў першым месцам працы стануць установы медыцыны на вёсцы. Інеса Дземідзюк будзе працаваць медыцынскай сястрой агульнай практыкі Велікарыцкай амбулаторыі агульнай практыкі, Аляксандр Гаршчарук – памочнікам урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Лукаўскай амбулаторыі агульнай практыкі, Юлія Чыкіта – загадчыкам Замшанскага ФАПа, Аляксандра Мішчук – загадчыкам Арэхаўскага ФАПа, Кацярына Капанюк – загадчыкам Масевіцкага ФАПа.
Фельчарам выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі працуе Ірына Дарашук. Памочнікамі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе паліклінікі назначаны Карына Сцепановіч і Марыя Машчук. Першым працоўным месцам для медсястры агульнай практыкі Валерыі Чуль стала аддзяленне агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі, для медсястры Ганны Радковіч – эндакрыналагічны кабінет паліклінікі, для медсястры Веранікі Ігнацюк – працэдурны кабінет педыятрычнага аддзялення паліклінікі. Першыя самастойныя крокі ў прафесіі Дар’я Капанька робіць у якасці медсястры-анэстэзіста аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі, Алена Грузінская – у якасці медсястры працэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення.
Падчас сустрэчы, звяртаючыся да маладых спецыялістаў, галоўны ўрач Анжэла Марчанка адзначыла:
– Вы – прадстаўнікі высакароднай прафесіі. Медыцына – сфера абраных. Яна заўсёды запатрабаваная і актуальная. Усе вы, маладыя спецыялісты, для нас вельмі значымыя і патрэбныя. Спадзяёмся, што вы замацуецеся на Маларытчыне, не расчаруецеся ў сваёй справе, станеце выдатнымі спецыялістамі, а пацыенты ў ваш адрас будуць заўсёды гаварыць толькі шчырыя словы падзякі.